ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)